Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Паслухай, як б’ецца

Называеш сябе беларусам?
Ганарышся крыві чысцінёй?
Насамрэч трэба зваць цябе трусам,
Раз саромешся мовы сваёй.

Ты не чуеш? Кукуе зязюля.
Ціха шэпчуцца дрэвы ў бары.
І дамоў цябе кліча матуля…
Ты не чуеш ужо. Сапраўды.

Не змянілась амаль анічога:
Тое ж сонца, і тая ж зямля.
Хлеба, солі – усяго ў цябе многа,
Толькі мова ўжо не твая.

Людзі неслі яе праз стагоддзі,
Баранілі быццам дзіця.
І аднойчы, цябе ўсё ж спросяць:
Беларус, а дзе мова твая?

Не адкажаш на гэта ні слова,
Страціў голас. Стаў ты нямы.
Непатрэбнай зрабілася мова,
Што спрадвеку на нашай зямлі.

Ты прачніся! Паслухай, як б’ецца,
Як змагаецца за жыццё
Беларускае шчырае сэрца.
Роднай мовай завецца яно.

Верш Паслухай, як б’ецца