Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Старэчая любоў

“Старэчая любоў”… Нашто такія словы?!
Пакуль кахаеш ты, гадзін не лічыць лёс!
Калі дзеля любві на подзвігі гатовы,
Хай не гняце цябе сапраўдны твой узрост!

“Старэчая любоў?”… Мо, спелае каханне?
Не варта ўспамінаць, якім ты быў раней!
Няхай ужо цішэй пачуццяў шугаванне,
Але святло любві – жаданей і мілей!

“Старэчая любоў” – не толькі пацалункі,
Але і тое, што… так дапаўняе іх:
Усмешак цеплыня, паднесеныя сумкі
Ды шчэ “паходы” ў парк увечар удваіх…

“Старэчая любоў”… Сімфонія абдымкаў…
З пяшчотай у вачах, слязінкай на шчацэ…
Ці ведае юнак з даўнішніх фотаздымкаў,
Што шчасце – калі ёсць рука ў тваёй руцэ…

“Старэчая любоў” – не горшая на свеце!
Калі б жыцця яшчэ – абраў такую б зноў!
Не здолець маладым у іх спякотным леце
Спазнаць салодкі смак асенніх маразоў!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Старэчая любоў - Таццяна Дзям'янава