Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Смуткую… Спачуваю

Туга. Адчай. Знямога. Скруха.
Паблізу – слёзы. Ледзь крані.
Не маю сіл навіны слухаць.
У смутку… нават камяні.

Страшэнны выбух. Дым атрутны.
Тэракт на станцыі метро.
Людскія целы, ногі, рукі…
І смерць. Гаротнае таўро.

Чаму? Нашто? Адкуль – такое?
За што і хто знішчае нас?
Бунтуе сэрца пад рукою.
Але… Ці будзе нам адказ?

У мокры твар скуголіць вецер,
Спрабуе высушыць тугу.
Хтось каментуе ў Інтэрнеце,
А я і мовіць не магу.

Іду туды, ўскладаю кветкі.
Раздрай, разгубленасць і жах.
Няўжо мы ўсе – марыянеткі
Ў пачвары-нелюдзі ў руках?

Ў вачах – скалечаныя целы.
І кветкі, кветкі, свечкі, све…
Боль працінае звар’яцелы.
У плачы стыне свет.

Ці ж мы ў закладніках у катаў?
Ці наша доля – жаль, выццё?
Але ж павінна быць адплата –
За кроў, за слёзы, за жыццё!

Няхай зямля ў іх пад нагамі
Пякельным полымем гарыць!
Людскі прысуд – не за гарамі.
І кары Божай не спыніць.

14.04.2011

Верш Смуткую… Спачуваю - Таццяна Дзям'янава