Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Сакура

О, цуд! Яшчэ хвалюючы людзей,
Што выжылі ў шаленстве землятрусаў,
Зноў сакура ў Японіі цвіце –
Вачам, слязьмі напоўненым, спакуса.

Жалоба…. А ў прастору льецца пах,
Калі па волі часу-чарадзея
Галінкі вішні прама на вачах,
Расквечваюцца ў колеры надзеі.

О, радасць! О, раскоша хараства!
О, смутак – скарабежнасць існавання!
Здаецца, што такая любата
Не можа, не павінна мець сканання!

І мроіцца не тленне, а жыццё –
У белым і ружовым, а не ў чорным…
О, хмельнае, чароўнае быццё
Суквеццяў незабыўных, непаўторных!

Адвеку ўжо прызнаныя яны –
Аб тым паведамляюць нават госцю –
За сімвал прыгажосці і вясны,
Жаночай мілаты і маладосці.

Але ў навале сённяшніх нягод
Здаецца – нават кветкі спачуваюць:
Цвітуць – нібы прадбачаць свой сыход,
Падзьме таропкі вецер – і злятаюць.

Калі ж усе пялёсткі ападуць –
Завея раны сэрцаў зацярушыць…
Мо праўда ў кветках сакуры жывуць
Загінуўшых блукаючыя душы?

Верш Сакура