Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Раздача бяздомных жывёл

“Раздача бяздомных жывёл”.
Вы чулі? Чыталі пра гэта?
А добра, каб хтосьці правёў
Раздачу бяздомных паэтаў.

Мо нехта мяне бы абраў,
Аблашчыў, прывёўшы дахаты,
Ў куточку мне коўдру паклаў,
Наліў у кармушку гарбаты.

Я б вершы яму прысвячаў,
Спяваў дыфірамбы ды песні,
Заўжды на парозе страчаў –
І нам не было б разам цесна.

Але – гэта проста бяда –
Паэтаў ніхто не заводзіць.
Сабаку бяруць ці ката,
Паэты ж нічыйныя ходзяць.

20.03.2011

Верш Раздача бяздомных жывёл - Таццяна Дзям'янава