Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кісель

Беларуская народная казка.

Ажаніўся хлапец. Дзеўку добрую ўзяў
Не з тутэйшага краю – з далечы.
З маладою пажыў – шчасце ў хату прыдбаў.
Ды аднойчы паехаў да цешчы.

Цешча, радая госцейку – зяцю свайму,
І карміла яго, і паіла,
На прасмакі ж кісель згатавала яму:
“Пачастуйся салодзенькім, мілы!”

Хлопцу ўсё спадабалася: цешчын прыём,
Разнастайная ежа, пасцеля…
Ды найбольш зацікавіўся ён кісялём –
На радзіме такога не елі.

Не сцярпеў – запытаўся: “А што за кулеш?
Смаката – пра такую не марыў!”
І адказ атрымаў: ” З кулінаркай жывеш.
Папрасі – і яна табе зварыць.”

Ён паехаў дамоў. Наўспамін сабе узяў
Назву ежы смачной і спакуснай –
Колькі ехаў, нястомна яе паўтараў,
Каб зацвердзілі вушы і вусны.

Ды сустрэў чалавека і, ледзь павітаў,
Як забылася дзіўнае слова.
Што ж рабіць? Ён да цешчы ізноў паскакаў,
Каб яму нагадала нанова.

А каб гэтае слова ізноў не згубіць
Па дарозе ў нудоце бясконцай,
Папрасіў кісялю трохі ў кубак наліць,
Каб пасля паказаць любай жонцы.

Ды насустрач уздоўж прыдарожнай травы
Ехаў пан фанабэрысты ў брычцы.
Ўбачыў хлопец яго – шапку зняў з галавы
Па з дзяцінства засвоенай звычцы.

А з рукі на дарогу кісель яго – плюх!
І ў вялізную лужу – бясценны…
“Ах, панок!… Каб цябе…” І няўклюда наш – бух
Бы за скарбам, упаў на калены.

“Што ты, хлопец, згубіў?” – “Ды каштоўную рэч!”
І запоўзалі побач абодва.
“Як знайду, – углядаецца пан, – насамрэч
Прыхаваю сабе назаўсёды.”

Як ні мацалі ў лужы, у бруднай вадзе,
Пан і хлопча сабе паасобна,
Не знайшлі анічога такога нідзе,
Што было б на каштоўнасць падобным.

“А хай дз’яблы бяруць, недарэка, цябе!
Гразь дарма на кісель вунь змясілі…”
Тут хлапец аж падскочыў: “Успомніў! Кісель!”
І панёсся, бы чорт, на кабыле.

“Пэўна, нейкі вар’ят”, – сумна вырашыў пан, –
Што ты зробіш яму, небараке?”
А хлапчына тым часам дадому скакаў –
Да сваёй кісялёвай прысмакі…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кісель - Таццяна Дзям'янава