Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Ці вы чулі?

Ці вы чулі? Ці вы чулі?
Хутка свята – Новы год!
У маленечкай Настулі
Шмат заняткаў і турбот.

То чапляе ўсіх дарослых –
Патрабуе адказаць:
“Як дзядулечку Марозу
Падарунак заказаць?”

То кідаецца пад ногі,
Каб усім дапамагчы –
Вымыць дзверы і падлогу
І пячэння напячы.

То на ранішнік сукенку
Хоча лепшую абраць –
Каб ля ёлкі разам з Генкам,
Бы сняжынка, танцаваць.

То праз нейкую хвіліну
Ўжо забыўшы пра тае,
Абвяшчае ўсім навіны,
Нібы песеньку пяе:

“А суседскага Міколку,
Ну, таго, што паравоз,
Пакалола ўчора ёлка –
Кіпцюрамі – прама ў нос.

Гэта тата вінаваты –
У Міколкі ён – урач.
Прыцягнуў ялінку ў хату –
І смяецца:”Ну, не плач!”

Хваляванняў шмат у Насці:
Панавесіць мішуры
І прыладзіць, каб не ўпасці,
Каляровыя шары;

Пасадзіць пад ёлкай мішку,
А пасля, між іншых спраў,
Пагартаць з ім разам кніжку,
Каб адзін не сумаваў.

А к начы, калі ўжо зморыць
Кола тысячы турбот,
Прашаптаць сабе самое:
“Заўтра – свята – Новы год!”

Верш Ці вы чулі?