Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Вечарэе

Вечарэе…
Пацямнелі воды
У вірах няспыннае ракі.
Дзень, які знікае назаўсёды,
Прыгарнуўся да тваёй шчакі.
З поля, дзе стаіць сцяною жыта,
Васільковы туманок плыве.
Быццам успамін аб перажытым,
Узыходзяць росы на траве.

Вечарэе…
Падаўжэлі цені,
Каб таўчы начы густы замес.
Свет, які буяніў, летуценіў,
Набывае новы сэнс і змест.
Нейкай непазбытнаю трывогай
Позірк твой высвечвае душу.
На цябе, нібы перад дарогай.
Я гляджу, спагады не прашу.

Вечарэе…
Мілае аблічча
Хутка паглыне няўмольны змрок.
Гэта лёс мяне зацята кліча
За сваю мілосць плаціць аброк.
I чаму ён радасць нашу засціць,
I куды нябогу павядзе?
Чым плаціць?
А толькі ціхім шчасцем
Пасядзець на камні пры вадзе.
Апусці далоні ў цемру плыні,
I душа наноў адчуе час…
Час, які ніколі не загіне,
Час, які стралой ляціць праз нас.

Верш Вечарэе