Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Кладка

Завершыць хутка лета
Свайго быцця стажок.
Вясёлку цёплых кветак
Рассыпаў беражок.
Ляшчына сцеражэцца,
Хавае спарышы.
Над плынню ціхай – жэрдкі…
Ды боязна ў душы!
I толькі я ступіла
На кладачку нагой,
Як пад вярбой пахілай
Убачыла яго.
Сустрэча мне такая
Зусім не ў галаве.
А ён здалёк гукае,
Спяшае па траве:
– Дай цябе я, маладу,
На той бок перавяду…
Мне б адказаць адразу,
Што ён чакаў дарма.
Ды ахінула радасць –
I цвёрдых слоў няма.
А кладка гнецца, гнецца
Да самае вады.
А хлопец мне смяецца –
Вясёлы, малады.
Так заглядае ў вочы,
Што боязна зваліцца.
I хочаш ці ня хочаш,
А мусіш прытуліцца.
Няма ніякай радачкі
Ад гэтакай бяды…
Ой, кладка,
мая кладачка,
Вядзеш мяне куды?

Верш Кладка