Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Белая сукеначка

Белая сукеначка мільгнула
На начной сьцяжыне ўскрай сяла
I мілосыцо вольнай ахінула
Сэрца неспакойнае:
“Прыйшла…”

Быў пасьля і гордым, і паніклым,
Быў бядой раструшчаным амаль.
Белая сукеначка ня зьнікла
Ветразем паміж будзённых хваль.

Хутка цела цёмнай глебай стане,
А душа рванецца на сьвятло.
Што было?
Адзінае – каханьне,
Рэшта – сумятня і мараў тло.

Адпакутваўся і адкружыўся
Па чужых і па сваіх сьлядах.
У ажыннай квецені сьцяжынка
Выведзе мяне на Млечны Шлях.

Позіркам расстайным аббягаю
Сьвет.
Што адплывае ў забыцьцё…
Белая сукеначка ля гаю
Прамільгнула.
Як маё жыцьцё.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Белая сукеначка - Сяргей Законнікаў