Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Праўда

Аднойчы зубр з Белавежы намерыўся агледзець межы
сваёй дзяржавы невялікай з камандай вельмі знакамітай.
Наперадзе бяжыць лісіца і ад сьліны ажно ільсьніцца:
мяньціць праныра языком, нібы сабака той хвастом.
За ёю дзяццел ўсе навіны старанна бухае з яліны:
“Тут цар з дубочкамі бадаўся, а там бярозай частаваўся.
Што пушчу збэйсаў напалову дзеля суседскае каровы –
то плёткі нашых канкурэнтаў, якія прагнуць дэвідэнтаў.
Законы пішуць пад яго? Пакуль ёсьць дурні – што з таго!”
Ўрачыстасць пафаснага кроку раптоўна зблытала сарока –
прынесла весткі з-за бугра, чым напалохала зубра:
“Няўжо у немачы крымзоліў ды праўду выпусціў на волю?
Сароку хуценька злавіць, бо замінае звярам жыць –
супастаўляць пачнуць з людзьмі і ляснуць казачныя дні.”

Хто праўды не на жарт баіцца, таму і шэпт грамчэй званіцы.

Верш Праўда - Сяргей Прыёмка