Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рэпартаж зь месца падзеяў

Вайна пачалася ўвечары
ніхто й не чакаў такога павароту
на плітах падагравалася вячэра
дзеці даглядалі “Калыханку”
мужчыны моўчкі палілі ў вакно
у чаканьні апошніх навінаў

Вайна пачалася ў нядзелю а ўжо ў панядзелак
па той бок лініі фронту зьвінелі бакалы
стратэгі адзін адному паціскалі рукі
адусюль гучала лёгкая чыстая музыка
і радыё верашчала пра трыюмфальную перамогу

Летапісец жывое трагедыі
уключаны ў падзеі
я за ўсім назіраў знутры

Вайна аднак працягвалася
ня гледзячы на паўсюдны фарс
людзі выходзілі з бункераў
няўмела ўзводзілі барыкады
усё што трапляла пад руку
знаходзіла прызначэньне

Вайна была ва ўсіх на вуснах
яна насьцігала цябе ў дарозе
на ранішняй прабежцы ў парку
у чарзе да лекара ў лазьні
на рыбалцы і ўласным вясельлі
але толькі нямногія казалі пра гэта ўголас

Вайна больш падавалася бунтам
знаныя камэнтатары і экспэрты
усе яны былі падобныя на страўсаў
кожны атрымае сваё на ўсю катушку
іхні голас почасту фальшывіў
пераскокваючы на высокую ноту

Вайна была дзіўнай бо вораг
быў невідочным што блытала многіх
паводле хронік падручнікаў фільмаў
ён уяўляся чужынцам захопнікам
з грубымі тварам і мовай
насамрэч усё выйшла складаней
бо вораг аказаўся ўнутры

Іх было шмат нябачных жаўнераў
але ўсіх узначальваў Страх

Цяжка змагацца з нечым бясплотным
кнігі па мастацтве войнаў
гавораць пра гэта надзвычай мала
застаецца верыць адно ў сябе

Бо вайна не даруе ваганьняў
яна вымушае браць на сябе адказнасьць
каб калі застанесься адзін у акопе
пры сустрэчы твар у твар зь імі
змагчы не адвесьці вочы

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рэпартаж зь месца падзеяў - Сяргей Прылуцкі