Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Кожны сам за сябе

Кожны сам за сябе. Не чытай мае вершы, не трэба.
У гадзіну цяжкую я мушу застацца адзін.
У нябёсаў прашу я не грошай, гарэлкі і хлеба,
А спакою навечна пакінутых сонцам ільдзін.

Хутка сам, нібы лёд, ад усмешак гарачых растану,
Пабягу ручаямі скрозь Свіслач да бацькі Дняпра.
Прыйдзе час, я ад гэтага “хутка” хавацца не стану,
Не шкада мне жыцця: шмат паспеў я пакінуць дабра.

Гэта добрыя словы, што льюцца павольнай ракою,
Гэта дзеці дзяцей, што аднойчы падымуць мяне,
Гэта мова – падмурак дзяржавы, крыніца спакою,
Гэта шлях, на якім падарожніка слова кране.

Кожны сам за сябе перад небам трымае экзамен.
Не чытай мае вершы, згубіўшы сябе ў мітусні.
А калі прачытаў, то бязмоўя дакорлівы камень
Кінь далей, вызваляючы сэрца сваё ад хлусні.
05.03.2014

Верш Кожны сам за сябе - Сяргей Махнач