Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рэквіем рукапісам

Казалі, – рукапісы не гараць,
А я аднойчы бачыў, як гарэлі
У печы Галубковы акварэлі,
Як вершы адпраўлялі паміраць,
Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем,
I ласкаю, і трапяткім каханнем,
А кажуць, – рукапісы не гараць.

I як яшчэ гараць! I колькі іх згарэла
У печах патаемнага двара,
Што зеўралі, як д’яблава нара,
Душа паэм за дымам адляцела,
Што так дайсці да кожнага хацела
Пасланцам весялосці і дабра,
Ды знікла ў полымі казённага кастра.

Яны не стануць кнігамі ніколі,
He дакрануцца да другой душы,
Халодны попел як ні варушы,
Што датляваў па апантанай волі,
З вятрамі знік ён у здзічэлым полі,
Якое ні засеяць, ні ўзараць…

А кажуць, – рукапісы не гараць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рэквіем рукапісам - Сяргей Грахоўскі