Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Мае Рэкі

Далонь напрацаваная, святая –
Мая зямля. Па рэках, што на ёй,
Напоўненых вадою, бы крывёй,
Я пра яе гісторыю чытаю.

На поўначы лягла на той далоні
Празрыстая і звонкая струна –
Блакітная Заходняя Дзвіна,
Як рыса сэрца – велічы ўлонне.

Тут гадавалася крывіцкая дзяржава,
Тут выспявалі мова і народ,
А на Палоце Рагвалодаў род
Паклаў пачатак гонару і славы.

Ад поўначы на поўдзень – рыса лёсу,
Дняпро павольны мые берагі,
Нібыта лук, магутны і тугі,
Нацягнуты далонямі калоса.

Хрыбет зямлі, рубеж, ваяр і веснік,
І шлях, які асвоены спрадвек,
Як патрыярх сярод славянскіх рэк
Ён лёс народаў на стагоддзі крэсліць.

Няспешная задумлівая Прыпяць
На поўдні льецца лініяй жыцця,
Праз твань і багны мкнецца на прасцяг,
Каб чашу поўную няпростай долі выпіць.

Не раз адзін перажыла навалу,
Набегі ворагаў, чарнобыльскую суш,
Ды вытрвала паміж палескіх пушч,
Крывёй сваёю мужнасць ўзгадавала.

А лінія душы, свавольны Нёман
На захадзе прастуе хуткі крок,
Як будучыні нашае выток –
Шлях у Еўропу – даўні і знаёмы.

14.12.2011

Верш Мае Рэкі - Святлана Куль