Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Званок

Да краёў перапоўнiцца смуткам душа –
Аж бывае слязамi з вачэй пралiецца:
Зноў мой школьны званок зазвiнiць мне ў вушах
I, нiбы той званок, затрымцiць маё сэрца!

Гэта родная школа паклiча мяне.
I яна рада ўбачыцца будзе са мною:
У двары мяне бэзавай веткай кране
I са мной прывiтаецца ручкай дзвярною,

I шчаслiва званком мой абвесцiць прыход!
Я зноў вучнем сябе на хвiлiну адчую.
Гэта колькi з плячэй маiх звалiцца год?
Аднакласнiцы смех у званку тым пачую…

Прыгадаю шчымлiва свой першы званок
I – апошнi званок, што у свет нас паклiкаў.
Аднакласнiкаў твары мне ўбачацца зноў
I маiх педагогаў прасветлыя лiкi…

Да краёў перапоўнiцца смуткам душа –
Аж бывае слязамi з вачэй пралiецца:
Зноў мой школьны званок зазвiнiць мне ў вушах
I, нiбы той званок, затрымцiць маё сэрца!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Званок - Станіслаў Валодзька