Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вяртанне на радзіму



ВЯРТАННЕ НА РАДЗІМУ

Памяці Максіма Танка

Хлопчык тут на белы свет прыйшоў.
І ў яго з’явілася тут мара.
З поўнаю пяшчотнасці душой
Калыхала гэту мару Нарач.

І таму – нядаўна немаўля,
Мара хутка вырасла вялікай.
І яго стаў вабіць далягляд,
Пачала дарога ўдалеч клікаць.

Лес, што за яго сцяной стаяў
І зязюляй доўгі век прарочыў,
Веццем наўздагон перажагнаў
Юнака, што ў свет вялікі крочыў.

Смутак вочы Нарачы замгліў.
І яна на мілай, роднай мове,
Каб даняць сурокі не маглі, –
Асакой шаптала ўслед замовы.

Помнячы бацькоўскі запавет,
Столькі раз з удачаю вітаўся.
Падзяліцца радасцю, паэт
Ў родны кут свой колькі раз вяртаўся.

Ён і сёння разам з намі тут
Песні свае шчырыя спявае.
Тут і кветкі для яго растуць,
І прыветна лес яму ківае.

Бо не мог пясняр не прыгадаць
Залатую звонкую прыкмету:
Ў неба адыходзячы, відаць,
Ў Нарач кінуў знічку, як манету…



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вяртанне на радзіму - Станіслаў Валодзька