Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ігнасеў сад



З маленства помню сад Iгнасеў
На ўскрайку вёскi,
Што застаўся
Як напамiнак аб тым часе,
Як раскулачвалi Iгнася.

Кулак, – не фiга быў,
За тое
Ў Сiбiр вывозiлi сям’ёю.
I гэты сад заламваў рукi
I лiсцем гнаўся ўслед за ёю…

Асiрацелы сад Iгнасеў
Год колькi ўдалеч углядаўся,
Жагнаўся часам,
Ды нiкога
З iх так ён i не дачакаўся…

Любiў гуляць я ў гэтым садзе.
Стары ён мне насустрач гнуўся,
Па галаве малога гладзiў,
Як я да яблыкаў цягнуўся…

Я i нядаўна быў зайшоўся:
– Ну як ты жыў-здароў? – спытаўся.
Зноў пачастунак мне знайшоўся,
Ды штосьцi яблык даўкiм здаўся…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ігнасеў сад - Станіслаў Валодзька