Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Пасляваеннае

У прысадах рабіны алелі,
Заглядзеўшыся ў люстра шасе.
Уцалелі яны, уцалелі,
Уцалелі, хаця і не ўсе.

Самы раз ім сысціся цяпер бы,
Як раней, завясці карагод,
Ды такі, каб старэнькія вербы
На двухсоты забыліся год.

Толькі дзе той музыка дасужы,
На якой затрымаўся касьбе?
Абмінаючы пенныя лужы,
Ходзіць певень і зерне дзяўбе.

Гаспадараць у вёсцы дзяўчаты,
Яны самі і косяць, і жнуць,
I глядзяць на панурыя хаты,
Што паспеў паштальён абмінуць.

Як душы не зайсціся ад скрухі,
Пра якога гадаць жаніха? –
На сяле толькі стораж бязрукі,
I ў таго не накрыта страха.

Верш Пасляваеннае - Сцяпан Гаўрусёў