Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Малітва наступнасці

Хай свеціцца імя Твае,
Беларусь,
У стронцыі, цэзіі, ліціі!
Як і ва ўсе вякі,
Душу быць ласкавай змусь,
Дазволь слязам,
Ужо радыеактыўным,
Ліцца.

Хай свяціцца імя Твае,
У палыновым вянку
Гаратніца.
Хай цвіце твой дзядоўнік
Калючы, таму што безабаронны.
У цябе на слыху перагукваюцца
Радыяцыя і радаўніца.
Чакаючы ў гнёзды буслоў,
Дагніваюць на ліпах бароны.

Хай свЯціцца імя Твае,
Маці сумная!
Хмару радыеактыўную
Хусцінай ад Бога
Ты на самыя вочы насунула –
Не чуеш, не бачыш
Нічога.

“Самота паломніцтва”. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1990

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Малітва наступнасці - Рыгор Барадулін