Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Белая яблыня грому

Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.
Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.
Светлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.
Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.
Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа ня будзе злому
Голлю твайму ніколі.
Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Белая яблыня грому - Рыгор Барадулін