Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Назаўжды з Беларуссю

Зелень ніў і лясоў,
Рэчак сінь і азёр
Глыбіню, чысціню –
Я у сэрцы нясу
Гэту нашу красу,
І ніколі ёй не наталюся.
Подых даўніх вякоў,
І імклівы наш час –
Я заву гэта ўсё Беларуссю!

Сонца ласкавы свет
І нябесны блакіт,
І у золаце спелае поле,-
Вось на гэтай зямлі
Мне пашчасціла жыць,
Працаваць і любіць –
Я яе не пакіну ніколі,
І сабой засланіць не збаюся.
Не пакіну нідзе:
Ні ў нудзе, ні ў бядзе –
Я жыву, я жыву ў Беларусі!

Сілу мускулаў рук,
Розум мозгу свайго,
Волю духа, нават сны, і памкненні –
Толькі ёй аддаваць
Сваю працу і лёс,
У чым сумневу не маю і цені,
Я ніколі ані не стамлюся.
Бо я клятву на вернасць
Айчыне прынёс:
Я служу, я служу Беларусі!

Дзе б ні быў-ні бываў,
І куды б ні ішоў,
І далёка куды б ні ад’ехаў,-
Маё сэрца з табой,
Мае думкі з табой,
Імі я да цябе прытулюся.
Праўдай пройдзеных год
І сваёй сівізной,
Я душою навек з Беларуссю!

Дні і тыдні ляцяць,
І гады зіхацяць,
Над табой пралятаюць стагоддзі.
Ты, мая старана,
Назаўсёды адна,
Дабрабыт свой збудуем у згодзе,
Здрадзіць мэце ніхто нас не змусіць.
Будзем жыць, працаваць,
Шчасце-долю шукаць
Назаўжды, назаўжды з Беларуссю!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Назаўжды з Беларуссю - Пётр Шакола