Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Францішак Багушэвіч і Жупраны

У Жупранах даўняя
Добрая традыцыя:
Помніць Багушэвіча,
Помніць, ганарыцца.

У Жупранскай школе,
То было калісьці,
Працаваў і я там
Для людской карысці.

Працаваў нядоўга –
Два гады вучэбных,*
Але ж нейкі мізер
Спраў зрабіў патрэбных:

У музеі школьным
(Ён тады ствараўся)
Мацаваць паліцы
Я не адмаўляўся,

І яшчэ – што трэба,
Пад кіроўным словам
Завуча Кадыркі,
Дырэктара Крайнова.

Шчыровалі гуртам,
Дружна і натхнёна,
Дзеці і дарослыя,
Мэтай акрылёныя.

Земляка-паэта
Шануючы свята,
У музей збіралі
Рэчы, экспанаты.

А ў сямідзясятым**
Наш музей адкрыўся.
Да тае падзеі
Шмат хто далучыўся:
Былі госці з Мінску,
Людзі з іншых месцаў,
Дзеячаў, пісьменнікаў
Сустрэлі чэсць па чэсці.

Правялі ўрачыстасць
На такім узроўні,
Што ўсе ў задавальненні
Засталіся поўным…

Год ішоў за годам –
Дзеці вырасталі,
Пакідалі школу,
На ногі ўставалі.

Да супольнай дзеі
Мелі дачыненне
Школьнікі, настаўнікі
Розных пакаленняў.

І працэс збірання
Тэматычных звестак
Доўжыўся няспынна,
Напаўняўся зместам.

Сёння ў экспазіцыі
Сотні дзве найменняў,
Трэць – арыгінальныя,
Рэдкія, бясцэнныя.

У музей, у школу,
К помніку паэту
І ідуць, і едуць
З розных старон свету,

Маладыя, сталыя,
Вучні і студэнты,
Просты люд працоўны
І інтэлігенты.

Кожны з іх імкнецца
Паглядзець мясціны –
Там, дзе Багушэвіч
Нам свой след пакінуў,

Прасякнуцца духам
Спадчыны паэта,-
У Жупранах шчыра
Дапамогуць з гэтым.

Правядуць, пакажуць –
Будзе вам цікава –
Тут багаты вопыт
У краязнаўчых справах.

У жупранцаў даўняя
Добрая традыцыя:
Францішка Багушэвіча
Помніць, ганарыцца…
———————
*1968-1970 гг.
**22 сак.1970 г.

Верш Францішак Багушэвіч і Жупраны - Пётр Шакола