Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хвала цытаце

He родных бацькоў, маму ці тату,
якія ад крыўдаў давалі сховішча,
уславім яе ўсёмагутнасць Цытату,
што выйсце пакажа
з любога становішча!
Калі ў абароне ад слоўнага шроту
даходзіш у спрэчцы да сёмага поту,
Цытата табе дапамогаю хуткай
лоб выцірае хусцінкай ціхуткай.
Жабрацтва сваё не прымайце з адчаем,
ніхто пазыку за сорам не лічыць, –
калі мы ў суседа хлеб пазычаем,
чаму б і мудрасці не пазычыць?
Зрэшты, разважыўшы па-цвярозаму,
можаш Цытату і раздвукосіць,
зрабіўшы набыткам уласнага розуму,
а гэта па лесвіцы ўверх узносіцьі
Цытата прамоўцы – як конніку шпора,
Цытата – заслона,
Цытата – апора
і духу твайго,
і пасаднага крэсла,
Цытата – настой,
каб ад страху не трэсла…
Ты між галоў не збянтэжышся босых,
калі табе кемнасць належыць па штату,
упэўнена,
як невідушчы на посах,
абапіраешся на Цытату.
Абедня, вячэра і спеўная споведзь,
ратунак ад прошукаў супастата,
Цытата ўздымае, і корміць, і поіць…
Дык будзь у вяках блаславёнай,
Цытата!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Хвала цытаце - Пятрусь Макаль