Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Крокі



Крокі – будзённага побыту кропкі,
крокі хвілін,
гадзін і дзён.
Як мы ступаем,
як робім крокі,
так і жывём, так і ідзём.
Аднойчы ступіўшы,
нагамі апору
намацаўшы,
будзеш ісці і ісці,
кроіць хадою
час і прастору –
ад першага
і да апошняга кроку ў жыцці.
Ходзім па-рознаму,
ходзім па-рознаму, –
то хістка,
то роўна,
чаканячы крок,
на полі цалінным за плугам –
барознамі,
на ратным полі –
узвёўшы курок.
Крокі цаглін,
што ў падмурак кладуцца,
для даху
апораю прыдадуцца, крокі,
якімі завершым гмах…
Хоць ліхаманку дарожную лаеш,
нагамі кратаеш
зорную ціш.
Адзін яшчэ крок –
і вяршыню сядлаеш,
адзін яшчэ крок –
і ў бездань ляціш…
Крок накіроўваючы таропкі,
супольна ўступай
з наступным у пай.
Крокі –
самой вечнасці кропкі:
ступай жа, маё чалавецтва,
ступай!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Крокі - Пятрусь Макаль