Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Доля мая жытняя



Калі я цябе пакінуў,
Кранула асцём успамінаў
Ты, поле маё старажытнае –
Доля мая жытняя.
Даруй мне за ўцёкі злачынныя.
Пасеяўшы думы на полі,
Пайшоў я… Нібыта магчыма
Пазбегнуць уласнае долі!..
Зярністасць вясновага ворыва,
Што гэтак гаюча і здорава
Нас, басаногіх, уколе,
Ужо не забудзем ніколі.
Коўзкую плошчу тым часам
Шліфуючы пругкім абцасам,
Стукаем па бетоне,
Што поле трымае ў палоне…
Сцяблінкі жытнёвыя, дзе ж вы?
Мне ногі расінкамі джальце!
…Нейлонавыя падэшвы –
Прасамі па асфальце.
Мне страшна, мне сніцца начамі,
Што я ў разявак прад вачамі
Спрабую, як зерне з асфальту,
Прабіцца з каменнага гвалту.
Жыццём мы заручаны з полем,
Штодзённа і сеем, і полем,
I хай не заўжды пажынаем,
Зямлю, нібы вечнасць, кранаем…
Ці не аб поле, скажыце,
Дзе калыхаецца ў жыце
Дзіва надзённага хлеба,
Абапіраецца неба?
Адродзіцца тое, што страчана.
I ты застанешся, як спадчына,
Поле маё старажытнае –
Доля мая жытняя!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Доля мая жытняя - Пятрусь Макаль