Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Зацерушыла каляіны

Зацерушыла каляіны,
Пралеглі жоўтыя сляды.
Узнесла восень павучыны,
Як тоненькія правады.

Я ведаю, што неўпрыкметку
Прыйшла яна ў прытулак твой,
I белы тонкі провад гэткі ж
Плыве там дзесьці прад табой.

I ты па сцежках летуценных
Цяпер праходзіш, можа быць…
Ах, каб па провадзе асеннім
З табою мне пагаварыць!

Верш Зацерушыла каляіны - Пятрусь Броўка