Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Наша марка

Пятрусь Броўка

Трактар маркі савецкай
Другам выйшаў удаль –
На Ўрале здабыта,
На Урале адліта
Наша моцная сталь.

Хіба ёсць што на свеце
Гэтай сталі мацней?
Ёсць адна толькі сіла –
Воля нашых людзей.

Гэта воля, што дружыць
З калектыўнай сям’ёй,
Тую сталь адкавала
I зрабіла жывой.

Дарагую радзіму
Скрозь прайшлі трактары,
На грудзях у іх марка –
Буйных літары тры.

За радзімай далёка
Іхні рокат чуваць –
Недарэмна суседзі
Сталі ў госці іх зваць.

Цаліну падымаюць
Там сябры-пасланцы –
Каля Віслы, Дунаю,
Побліз рэчкі Ян-Цзы.

А дзе пройдуць, – пшаніца
Аж да неба з далін –
За рулямі кітаец,
I паляк,
I румын.

Перад імі адкрыўся
Новы, сонечны шлях…
На абветраных тварах
Промні шчасця ў вачах.

I другія намеры
Для сусвету відны –
Не такія машыны
Шлюць з-за мора паны,

А што паляць агнямі
I жалезам плююць.
Не завуць іх у госці –
Самі гвалтам ідуць.

Ад гасцей тых, заморскіх,
Разбурэнне адно –
Іх страчаюць пракляццем
I спускаюць на дно.

Людзі іх разгадалі,
Ад машын тых – разбой,
Не даюць ім дарогі,
Засланяюць сабой.

I насупраць гарматаў
Сталі фронтам сваім,
Бо адны ў іх жаданні –
Мір над светам усім!