Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Клопаты

Ганка сеяла лянок,
Прыбірала потым…
Нарабіў жа “Огонёк”
Дзеўчыне клапоту.

Напісаў: “Яна герой
У здабытках новых”,
Даў на вокладцы сваёй
Здымак адмысловы.

Надзвычайнае красы
Твар на ім дзявочы –
Быццам кужаль валасы,
Што крыніца вочы.

Зубы тыя, што часнок,|
Выгнутыя броўкі…
Пакладзеш ты “Огонёк”
Ды возьмеш ізноўку.

Многа ў Ганкі пекнаты,
Для хлапцоў натхнення…
Да яе пайшлі лісты –
Тысяча, не меней!

Знекуль здалі, з-пад Карпат,
Дзе вышынь нямала,
Піша гвардыі сяржант,
Каб яго чакала.

Стуль, Арагві дзе бяжыць,
Б’е хлапец у грудзі:
“Не магу я далей жыць,
Як маёй не будзеш”.

Піша ёй чабан-герой:
“Пакахаў аддана…”
Лейтэнанты пішуць ёй,
Нават капітаны.

Хто вітанне шле, паклон,
Хто да сэрца рвецца…
Носіць пісьмы паштальён,
Носіць і злуецца.

Стаў худзюшчы, што кашчэй.
Прынясе іх многа –
Кіне моўчкі і хутчэй
Верне да парога.

Што было б далей з таго,
Я і сам не знаю.
Раз пачуў ён: – Аднаго
Я цябе кахаю.

Верш Клопаты - Пятрусь Броўка