Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Размова з нашчадкамі

Неверагодна, неверагодна!
Мы ўжо для будучыні непрыгодны,
I для сучаснасці мы непрыгодны:
Нашы нашчадкі –
Люд не лагодны.

Мы кансерватары ўсе
Тупаватыя,
Вы – завадатары бур
I наватары.

Мы ўсе аўральнікі,
Культу стваральнікі,
Вы – праўдалюбцы,
Хлусні выкрывальнікі.

Вам цаліна,
I нейтроны,
I космас.
Нам – пасяджэнняў
Шаблонная поснасць.

Нам старамодныя густы
У гіпсе.
Вам – алімпійскія гульні
I ліпсі.

Вам з-пад дзявочых павейкаў
Іскрынкі.
Нам – дагрызаць
Успамінаў скарынку.
Мы – гераічныя,
Вы – гіранічныя.

Змоўкніце на міг усе гіронікі:
Нам гарчэй успамінаць аб кульце.
А салдацкай веры і героікі
Не чапайце і не крытыкуйце.

Нашы душы і без вас памучылі
Кар’ерысты, хамы, спекулянты,
Валакітчыкі і валютчыкі,
Аглабельшчыкі і пасквілянты.

Хоць здавіла
Праўда нас шурпатая,
Ні на міг
Не згасла вера ў партыю.

Нашы сэрцы
Не ў дагматным воцаце,
Ленінскі агонь
У нашым вопыце.

Мы яшчэ
Прыгодны да паходнага
Да жыцця пяхотнага,
Спякотнага.

I да жывёльнай
Напружнасці мускулаў,
I да магілы
Салдацкай, вузкай.

Гэта не толькі для нас прывілегія –
Гінуць
Ці век валачыцца калекамі.
Будзем, на ўсякі выпадак, калегамі.

Тут не шукайце
Ні крыўды,
Ні злосці,
Гэта не рэквіем
Па маладосці.

Гэта не двух пакаленняў
Сварка,
Гэта эпохі
Гарачая зварка.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Размова з нашчадкамі - Пiмен Панчанка