Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш На нашым паўночным паўшар’і

На нашым паўночным паўшар’і
Зжаўцелая восень імжыць,
Ліствы адшугалі пажары,
I час наш павольней бяжыць.

Ён, можа, бяжыць не павольней,
А проста не бачна з-за хмар…
Не хочацца думаць пра войны,
Пра бомбаў нейтронных кашмар.

За год наш народ нарабіўся,
А вольнага часу не шмат.
Не грэх, калі хто на рабіне
Гарэлку настоіць да свят.

А наш лістапад – ён уючны
З багатай паклажай вярблюд.
Вунь яблыкі хрупаюць вучні,
Вунь бульбу ссыпаюць у груд.

Якія у нас верблюды там! –
Капусту вязе грузавік.
Здаўна не быццём я, а бытам
Цікавіцца восенню звык.

I побыт асенні народа
Хвалюе ізноўку мяне.
А водар садоў і гародаў
Кватэр гарадскіх не міне.

Хвала векавечным турботам!
Жаўцеюць цыбулі вянкі,
Напоўнены слоікі мёдам,
Засолены ў бочках гуркі.

Мяшэчкі – з гарохам і макам,
Яны прычакаюць свой час…
Я хрупаю храпку са смакам:
Капусту шыткуюць у нас.

Верш На нашым паўночным паўшар’і