Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Калі пачалася вайна для мяне?

Калі пачалася вайна для мяне?
У самае першае тое світанне,
Ад бомбы найпершай…
I ўсё як у сне –
Сустрэча з вайной і з табой развітанне.
Нядаўна сады адцвілі,
Па начах
Так пахла наўкол белавежскай сасною.
Я нават хадзіць асцярожней пачаў:
Я быў перапоўнен табой і вясною.

А што, мая родная, мог я зрабіць?
На захад мы ехалі ворага біць
I апынуліся раптам на ўсходзе.
Я слухаў загады,
Я быў у паходзе.
Ні ў чым не вінюся:
Не лашчыла нас
Дарога вайны,
Але гэта не ўцеха…
Пытаўся, шукаў – і ні слыху ў адказ,
Ні следу нідзе, ні далёкага рэха.
Я часта з надзеяй і страхам лавіў
На станцыях
Мільгануўшыя вочы.
Ва ўсіх ён вайною аднолькавы быў –
З трывогай і просьбай, той погляд жаночы.

I ноччу ў зямлянцы прасіў я тайком
Цябе, можа быць, нежывую: прысніся.
Сабе загадаў я:
Салдацкім пайком
I з дзецьмі, і з бежанкай кожнай дзяліся.
I больш не было ўжо сустрэчы з табой,
А толькі з вайною было развітанне…
I кожнай вясною
Не першы свой бой –
Цябе ўспамінаю
I тое світанне.

Верш Калі пачалася вайна для мяне?