Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Даўгалецце

Які мізэрны і убогі
Той недалёкі чалавек,
Што цягне да сваёй бярлогі
Набыткі розныя ўвесь век.

Сем дываноў, фарфор і срэбра,
А што за мэбля у яго!
Адгарадзіцца хоча мэбляй
Ад старасці і ад нягод.

Усюды уласнай служыць мэце,
Ён і вучоны і начканц.
Ён вельмі прагне даўгалецця,
I на ўвесь свет яму начхаць.

Трасецца за свой век кароткі,
Хоць сам, як бык ляны, здароў;
Падсмажваецца на курортах,
Наводзіць жах на дактароў.

Чытае, прылізаўшы патлы,
Ён медыцынскі бюлетэнь.
Пра лекі новыя, пра панты,
Пра вітаміны і жэнь-шэнь.

Сябрамі, жонкай зберажоны,
Ён раўнадушны да ўсяго.
I пах аптэкарскі баржому
Б’е ў нос ад прэсных слоў яго.

I што ж? Адмыты ў цёплай ванне,
Не пакідаючы слядоў,
Без радасці і хвалявання
Працягне лішніх пяць гадоў.

А там цішком памрэ ў пасцелі,
Праз дзень забудуць пра яго…
А колькі год было Гастэлу,
Калі яго спаліў агонь?

Жыццё прадоўжыў нашым дзецям
Ён, ахвяруючы сабой.
Ён павялічыў даўгалецце
Сваёй радзіме дарагой.

Гадамі шлях яго не мерце,
Я іх лічу – не палічу,
Ягоны лёс цяпер – бяссмерце:
Гастэла жыў па Ільічу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Даўгалецце - Пiмен Панчанка