Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш То не гул завірухі мяцежнай



То не гул завірухі мяцежнай
І не рокаты ўпартага мора, –
Гэта Нёман разліўся бязьмежна
На грудзях Беларусі прасторнай.

Чую песні стыхіі-разводдзя,
Не стрымаць твае вольнае плыні!
Упусціла старое паводдзе,
Калі вір маладога нахлынуў.

І шумяць аграмадзіны-крыгі,
Разганяюцца ўдаль безупынна!..
Анямелі мінулага ўздрыгі
Ў хвалях жыцця магутна-няспынных.

О, бурліва-кіпучыя хвалі!..
Вам не страшны пажар навальніцы;
У прыгожа люстраныя далі
Разам з вамі і мне не спыніцца.

Адпіхнуўшы ад берага човен
І махаючы прысам кляновым,
Я плыву, – і надзеяю повен,
Што спаткаю сусвет вольна-новы!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш То не гул завірухі мяцежнай - Паўлюк Трус