Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бярозкавы мары

Бярозкавы мары

Плывуць аблокі над прыціхлай вёскай,
Кудысьці іх халодны вецер гоніць,
Плывуць над полем з тонкаю бярозкай,
Яна аб чымсьці шапаціць, гамоніць.

Мо, летнія успомніла світанкі,
І зарапады жнівеньскай парою,
Спатканні прызначалі тут каханкі,
З ёй радасцю дзяліліся сваёю.

Іх ад дажджу хавала і спякоты,
І сведкаю была узнёслых мараў,
А часам замаўкала ад самоты
Пад цяжарам зласлівых цёмных хмараў.

І як тады хацелася зялёнай
Сарвацца з месца хоць бы на імгненне
І прыхінуцца да гарэзы-клёна,
Адчуць яго гарачае трымценне.

Ды ведала, што гэтага не будзе,
Ніколі ім на ўзлеску не сустрэцца.
Быць разам, пэўна, могуць толькі людзі,
І хто сказаў: Не маюць дрэвы сэрца.

Туманамі ахутаная вёска,
Нялёгка дрэўцу ў непагадзь без пары.
На лес глядзіць самотная бярозка,
Хаваючы глыбока думкі-мары…

1999 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Бярозкавы мары - Ніна Кавальчук