Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мая Жыткаўшчына



Край мой азёрны, ціхі, –
Край першароднай красы;
Дзе ў двары заходзяць бусліхі,
І рогі дараць на шчасце ласі.

Тут мае белыя росы.
Тут мае журавы.
Тут мёдам жоўтавалосым
Разліты лугі й паплавы.

Тут рэкі – як рукі маці,
Поўныя дабрыні.
Прыпяць з дочкамі: Случчу,
Сцьвігай і Науццю.
Азёры – Чырвонае й Белае –
Як зоры ў світальным агні.

А вёсачкі?
Ўслухайся, будуць сніцца
Пралескамі між лагчын:
Азяраны. Мілевічы. Верасніца.
Дзякавічы. І мая Вятчын.

І старажытны наш бацька Тураў,
Што пасля Кіева быў другім,
Мне вышэй і мілей за Луўра –
Сэрцам палескім сваім.

Бо жывуць тут вялікія людзі –
Старажытныя Дрыгавічы.
Сціплыя. Гордыя.
З ручнікамі ў чырвоным куце.
З песняй сокала на плячы.

Тут не гоняцца за багаццем –
А ў праўдзе, любові жывуць.
І ад любых напасцяў
Край і Род свой
Навек зберагуць.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мая Жыткаўшчына - Ніна Аксёнчык