Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Ты кажаш, я не ведаю вайны

Ты кажаш, я не ведаю вайны,
Што мне было тады гадоў замала.
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?

Чаму ж амаль не кожнае начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы –
I стрымгалоў бягу аўсом няжатым,

Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне –
У вочы стрэл грыміць у міг апошні…

Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
Не дапаможа мне ніхто на свеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
Яны – мае навек, да самай смерці.

Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.

Верш Ты кажаш, я не ведаю вайны