Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Свята зямлі

Першы гром быў сёння ўночы,
Дождж да дня шумеў вясёла.
Ранак вытарашчыў вочы,
Як дзіця, глядзіць наўкола.

Што за ноч магло зрабіцца!
Перайначана ўсё чыста:
Поле дыхае, дыміцца
Парай лёгкаю, празрыстай.

Набрынялыя пупышкі,
Раскалоўшыся ад грому,
Прыбіраюць цветам пышным
Кожнай яблыні карону.

Траўка вылезла ў канаўцы,
А ў гаі – чуваць за мілі –
Музыканты-выканаўцы
Конкурс майскі аб’явілі.

О зямля!
Ты ўся ў абновах!
Ты ў мільён званочкаў звоніш,
Ты на ста пявучых мовах
Весняй радасцю гамоніш.

Ты смяешся так шчасліва,
Што адразу ясна стала,
Як ты доўга, як цярпліва
Свята гэтага чакала!

Верш Свята зямлі