Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адкажы

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адкажы - Ніл Гілевіч