Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ТРЫПЦiХ

ТРЫПЦiХ
Дарыце любым – васiлькi,
Як цуд зямны, дарыце.
Збярыце ў жыце ля ракi,
Ў вяночкi запляцiце –
Дарыце любым васiлькi,
Як шчасця мiг – дарыце!..

Дарыце любым – шум ракiт,
Зязюлi кукаванне,
Абшар нябёсаў, iх блакiт –
Надзею на каханне!..

Закружыць восень… Вы знарок
Лiст цёплы напiшыце,
Як добры знак – вы васiлёк
На памяць засушыце…

Зiма наступiць. i адчай,
А вы тут – пазванiце –
У васiльковых у вачах
Дабра агеньчык – запалiце!..

Ён разгарыцца (прыйдзе час),
Хай доўга вы маўчалi…
Якое шчасце iншы раз –
Дарыць душы абшары!..

2.
Вы прыязджайце на дзянёк
(Хаця б на мiг – а трэба!),
Я падару Вам – васiлёк,
Як сiмвал краю – Неба…

Нiякi гэта не намёк,
А проста – кветка гэта
Мне падабаецца… Здалёк
Напамiнае лета.

Яна, як лёгкi матылёк,
Трапеча прад вачыма.
А Вы – надзеi вугалёк,
Жаданая Жанчына!..

Дык прыязджайце на дзянёк,
З прычыны – без прычыны…
Я падару Вам – васiлёк,
Кавалачак Айчыны.

3.
Блакiтны факел – васiлёк –
Зарой блакiтнай прад вачыма
Напамiнае – аб жанчыне,
Чые лiсты iшлi здалёк…

Лiсты – як зёлкавы напой –
Дапамаглi устаць з пасцелi,
Яны – як ластаўкi – ляцелi
i неслi вырай у дом мой…

I ў кожным – веры вугалёк,
i ў кожным – яе вершы…
А у канверце (мабыць, першым)
Быў падарунак – васiлёк!..

О. гэта быў – каскад святла,
Адказ яе на ўсе пытаннi.
Душа наноў бы ажыла,
Калi пазнаў запал Кахання.

I вось убачу дзе здалёк
Жанчыну з сiнiмi вачыма –
Быць раўнадушным немагчыма:
Тугi маёй першапрычына –
Блакiтны факел, васiлёк!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ТРЫПЦiХ - Міхась Курыла