Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Мой век

Болем агучыць зямныя вякі
Ён, ад пажараў чорны.
Гойстрыя смерць шчэрыць клыкі –
Пякельны,
Пячорны.

Сталлю не раз дратаваў і сек,
Полем здзічэўшы мінным.
У душагубках звозіў калек –
Маторны,
Машынны.

Дыхае ўдушшам нямых мегатон
Прывід вайны шкілетны.
Свет на прыцэле трымае ён,
Радарны,
Ракетны.

Ззяблая знічка ўначы ўпадзе,
Згасне ў бруі крынічнай.
Зорнай няўжо узвіцца бядзе,
Век мой касмічны?

Шар мой зямны, у прожылках рэк
Лёг ты, як ноша, на плечы.
Колькі вякоў зберагу я за век,
Век чалавечы?

Верш Мой век - Мікола Мятліцкі