Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У калядным лесе

Пяшчотна ступаю па беленькім снезе.
О міг неспазнанай чароўнай цнаты,
Ты мне у калядным прымроіўся лесе,
Тут столькі дзівоснай красы, дабраты.

Як сон, агарнула натхненне святое.
З маёй цішыня размаўляе душой.
І нехта яшчэ штосьці шэпча такое…
Дык гэта ж сам лес размаўляе са мной.

Ласкава, задумна на гуслях іграе,
Акорд за акордам бярэцца матыў.
У лесе калядным душа заспявае,
І зачараваны тут робішся ты!

Я чарам увесь падняволены стаўся,
Нібыта у казцы, па лесе брыду
І сэрцам адчуў, што даўно закахаўся
У белую ціш і у хвой немату.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У калядным лесе - Мікола Ляшчун