Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У дзень Маці

    Вершы на дзень маці

Ляціце дахаты, ляціце,
Бо знічкаю час прамільгне.
Душу дабрынёй загаіце,
Пакуль вам хапае яе.

Пакуль яшчэ мама чакае,
Адолеўшы скруху адна,
І песняй тугу праганяе,
А ў хаце святло дапазна.

У печы вуголле сатлее,
І ноч ахіне неўпрыкмет,
А мама пяшчотна з надзеяй
Засцеле стары табурэт.

Як люба ўсё гэта, як міла,
Як вабіць нязбыўны той час!
Нязнанай таемнаю сілай
Пакліча маленства ўсіх нас.

Прыедзем да мамы на госці –
Ніхто не прывеціць гасцей,
А згадкі чамусь на пагосце
Такія ўсплываюць часцей.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У дзень Маці - Мікола Ляшчун