Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Летні лес

“Летні лес”
Летні лес, шацер зялены
Нада мною ў вышыні
Зачапіліся за кроны
Хмаркі-белыя чаўны
Пераблытаны галінкі
Дзе бярозка, дзе ялінка
Ясень неба падпірае
Промні сонейка збірае
І між лісьцяў з вышыні
Струмнем тонкім, залатым
Зайка сонечны збягае
Пад травою і ігліцай
Ажыла даўно грыбніца
На ўзгорку – дуб стары
Побач-стрункі, малады
Мох шаўковы, там чакаюць
Зорны час свой жалуды
Дзе ніжэй, там журавіны
Крапіва, кусты маліны
Хмызнякі, трава сівая
Між купінак з асакой
Шлях у рэчку выбірае
Ручаек цячэ, спяшае
Быццам дзеўка-маладзіца
У ваду вярба глядзіцца
Прытаміўся? Аддыхні!
Не лічы ты браце дні
І плывуць няхай над намі
Хмаркі, быццам караблі.

Верш Летні лес - Мікалай Кот