Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Выпускныя экзамены

Ці святкаваць свой першы перавал?
Якое ззянне кветкавай даліны!
На жаль, свабоднай ні адной хвіліны.
Раскоша легкадумная – прывал.
He лёс яшчэ – шматлікія цагліны.

Быў сонечнай размінкаю урок,
гайдалі сэрца калыханкі-кніжкі.
Жаданая цяпер не перадышка –
у новы дзень спружыністы рывок,
дзе зорны дождж і помслівыя шышкі.

Гарыць юнацтва меданосны сад,
дзе так бунтоўна спее паўналецце,
кіпіць між лісця захмялелы вецер.
Hi кропелькі не верыцца, што град
дзіцячых мрояў пасячэ суквецце.

У вузел пругкі волю завязаць,
спаліць былую маску шалапута,
напружыцца і развярнуцца крута
і хоць бы сабе прыступам узяць
у рэшце рэшт пагорак інстытута.

Своечасова стрэціць у жыцці
чыю-небудзь спагаду ці апеку –
за ўдачай мройнай гнацца, як па трэку.
Ці ўдасца толькі з поспехам прайсці
па конкурсу на званне чалавека?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Выпускныя экзамены - Мар'ян Дукса