Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вільнянка

На літоўскай Піліма,
У слаўным зацішку,
За братэрства пілі мы
Са звонкіх кілішкаў.

I размова не ціхла,
Не моўкла,
Не гасла,
I віталася песня
Са сціплай
Сяброўкаю –
Казкай.

Сустракалі мы золак у гонкім бары, за мурамі,
Покуль шэры туман
Не залопаў над рэчкай крыламі,
I за ім наўздагон,
Тонкай дзідай працяўшы сасоннік,
Скочыў першы прамень,
Нецярплівы завоблачны коннік.

Залацей,
Галасней
Паплылі,
Загулі,
Заігралі
Пакручастай Вяллі
Выгінастыя хвалі.

А калі ад сяброў,
Зачарованы восеньскім ранкам,
Я цішком адышоў
I падаўся на ўсход Пагулянкай,
Там у шэрай жакетцы такая красуня стаяла,
Што па ёй, як відаць,
Соцень пяць
Жаніхоў уздыхала.

Зазірнуў я у вочы:
Ці можна казаць на іх зоры! –
Пра іх чыстую праўду блакітнае неба гаворыць.
Паглядзеў я на косы:
Ці ж можна казаць на іх пасмы! –
I збаяўся загінуць у светлым гушчары дачасна.
А як глянуў на постаць:
Ці можна назваць яе тонкай! –
Мне здалося: па бруку ідзе маладая сасонка.

Дык чаго ж тыя чэрці, калісьці паехаўшы з дому,
Пад плашчамі імчалі нявестак Будрысу старому?
І каб я не дружыў
З самай лепшай на свеце жанчынай,
Я б застаўся Ў Літве
Па вышэй памянёных прычынах.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вільнянка - Максім Лужанін