Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Па-над белым пухам вiшняў

Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.

Навакол ўсё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць ледзьве чутна iх

I лiецца хваляй песня –
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?

Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.

Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 3,00 out of 5)

Верш Па-над белым пухам вiшняў - Максім Багдановіч