Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спяваюць жанчыны



Спяваюць жанчыны ў святочна прыбраным пакоі.
За вокнамі шэрань, вясковая ціш і спакой.
Бялеюць хусцінкі, ківаюць у такт галавою,
Пануе адным ім спрадвеку вядомы настрой.

Гучаць галасы мілагучна, лагодна, прыгожа,
Басуе суседка, другая выводзіць матыў.
І песня ільецца, як быццам аб чымсьці варожыць,
Вяртае ў далёкія, мар і дзявоцтва, гады.

У песнях – жыццё, што прабегла так хутка, імкліва,
Каханне і шчырасць, і слёзы, і радасць, і смех.
Зайграе гармонік залівіста, звонка, гулліва,
Душа заіскрыцца, як чысты пад промнямі снег.

І стома праходзіць, і погляд, і твар маладзее,
Плятуць галасы, як стужкі дзяўчаты ў касу.
Спяваюць жанчыны… І цепліцца ў сэрцах надзея,
Што песні іх птушкай унукі ў свет панясуць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Спяваюць жанчыны - Людміла Цітко