Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Звычайны ранак

Звычайны ранак…
*********************************
Вясна вясёлкавым крылом
Малюе мой звычайны ранак:
Усмешку маміну, наш дом –
Заўсёды ўтульны і прыбраны.

Пралесак першых карагод,
Шпачкоў вяртанне на радзіму.
Мінула шмат няўмольных год,
Ды сэрца гояць успаміны.

На жаль, не вернуцца назад
Імгненні радасці і згоды –
З сябрамі крочым на парад
З усмешкай, з песнямі заўсёды.

Няма таго, што раньш было…
Шыбуе час нібыта з горкі.
Але вясновае крыло
Малюе фарбамі вясёлкі…
3.04 – 2016г.

Верш Звычайны ранак - Лёля Багдановіч