Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Калыска ўспамінаў…(маёй роднай вёсачцы Градзянка)

Калыска ўспамінаў…(маёй роднай вёсачцы Градзянка)
*****************************************
Мой родны, непаўторны, мой адзіны
Куточак, дзе вучылася хадзіць.
Плывуць няспынным клінам успаміны –
Даюць жаданне дыхаць мне і жыць.

Тут басанож хадзіла росным ранкам,
У зорнай люльцы гушкаў мяне лёс.
Тут мовай роднай песціла Градзянка.
Душу гаілі позіркі нябёс.

Да мамы бегла сцежкай васільковай,
А вецер лашчыў твар і валасы
І маміны задумлівыя словы
У рэшаце вясёлкавым насіў.

Калыска мая зорная – Градзянка:
Мой першы позірк, першы крык і крок..
Дзіцячых успамінаў калыханка,
Блакітнавокі ў полі васілёк…
29.03 – 2016г.

Верш Калыска ўспамінаў…(маёй роднай вёсачцы Градзянка) - Лёля Багдановіч